Без яе магло не быць БНР, БССР і Беларусі, але за гэта яна заплаціла трагічна высокую цану. Гісторыя першай беларускай жанчыны-міністра
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Барацьба за незалежнасць Беларусі некалі ўяўлялася выключна мужчынскай справай. Ды і наогул у мінулыя стагоддзі жанчынам у палітыцы нібыта было не месца. Палута Бадунова была адной з тых, хто вырашыў парушыць гэтыя правілы. Яна стала адной з першых беларускіх жанчын-палітыкаў, першай жанчынай-міністрам, адной з кіраўнікоў буйной айчыннай партыі. І менавіта яна разам з калегамі-мужчынамі падпісала Трэцюю Устаўную грамату, якая абвясціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Расказваем пра тое, як гэтая выбітная дзяячка змагалася за Беларусь і якую велізарную цану за гэта заплаціла, сутыкнуўшыся з рэпрэсіямі ад уладаў, праблемамі са здароўем і ў асабістым жыцці і трапляннем у псіхіятрычную клініку.

Вывучэннем біяграфіі Палуты Бадуновай займалася аўтарытэтны беларускі гісторык Валянціна Лебедзева, аўтарка даследавання «Пакліканая свабодай. Нарыс жыцця і дзейнасці Палуты Бадуновай». Падчас працы над тэкстам мы карысталіся ў першую чаргу менавіта гэтай кнігай. Спасылкі на іншыя даследаванні ёсць у тэксце.

З настаўніцы рускай мовы — у палітыкі

Палута Бадунова нарадзілася ў 1885 годзе ў Навабеліцы. Тады гэта было прадмесце горада Гомеля — у той час павятовага цэнтра (аналаг сучаснага райцэнтра). Цяпер Навабеліца — адзін з мікрараёнаў гэтага горада.

Штуршком да развіцця Гомеля і яго ператварэння ў адзін з найбуйнейшых гарадоў Беларусі стала будаўніцтва чыгункі: праз населены пункт прайшлі дзве буйныя веткі — Лібава-Роменская і Палеская. У 1854-м у ім жыло 10,1 тысячы чалавек, у 1897-м — ужо 36,8 тысячы, у 1926-м — 86,4 тысячы. У канцы XIX стагоддзя ў горадзе з’явіліся новыя прадпрыемствы, пачаў развівацца гандаль, адкрылася пяць гімназій, выходзіла каля дзясятка газет.

Бацька Бадуновай арандаваў маёнтак пад Гомелем — з яго і кармілася вялікая сям’я з двума сынамі і пяццю дочкамі. Як адзначала Лебедзева, сярод сясцёр менавіта Палута вылучалася імкненнем да ведаў і літаратурнымі здольнасцямі: «Па сямейных успамінах, яна магла экспромтам прапанаваць сваім малодшым сёстрам і іхным сяброўкам некалькі варыянтаў школьных сачыненняў на адну і тую ж тэму, пачынала нават пісаць паэму пра гісторыю сям'і».

Сапраўднае імя Бадуновай — Пелагея. Лебедзева згадвае, што яе называлі і Палінай. Аднак пазней жанчына пачала атаясамліваць сябе з імем Палута (пра гэта ніжэй), гэтак жа звалі яе аднадумцы і праціўнікі. Імя прыжылося і выкарыстоўваецца паўсюдна — так будзем рабіць і мы.

Портрет Полуты Бодуновой. Работа Язепа Дроздовича. 1923 год. Изображение: gdb.rferl.org, commons.wikimedia.org
Партрэт Палуты Бадуновай. Праца Язэпа Драздовіча. 1923 г. Выява: gdb.rferl.org, commons.wikimedia.org

Палута атрымала хатнюю адукацыю, потым скончыла двухгадовае вучылішча, размешчанае ў Буйнічах пад Магілёвам. Установа падпарадкоўвалася не Міністэрству асветы, а праваслаўнай епархіі, таму туды было лягчэй трапіць (праўда, узровень адукацыі быў ніжэйшы, а агульны дух — досыць кансерватыўны). Як адзначала Лебедзева, невядома, што стала асноўнай прычынай такога выбару — рэлігійнасць сям'і або фінансавы фактар.

Вытрымаўшы экзамены на званне настаўніцы рускай мовы і геаграфіі, Бадунова з 1905 года пачала выкладаць у школах Гомельскага павета. За восем гадоў яна змяніла пяць месцаў працы, спрабуючы знайсці лепшыя ўмовы. Хутчэй за ўсё, менавіта ў гэты перыяд канчаткова сфармаваліся погляды дзяўчыны. На яе маглі паўплываць штодзённыя зносіны з беларускімі сялянамі, якія размаўлялі на роднай мове. А таксама той факт, што Гомель быў буйным цэнтрам Бунда (габрэйскай сацыялістычнай партыі) і Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэры былі агульнарасійскай сацыялістычнай партыяй). Менавіта да апошняга кірунку пазней далучыцца Палута. Але на той момант яе палітычныя інтарэсы вонкава не выяўляліся: як піша Лебедзева, у асабістай справе Бадуновай няма ніякіх дысцыплінарных спагнанняў.

У 1914-м, калі Палуце было 29 гадоў, яна паступіла на вышэйшыя гістарычна-літаратурныя курсы ў Санкт-Пецярбургу (яны давалі вышэйшую адукацыю). Адвучылася тры гады — і грымнула Лютаўская рэвалюцыя. Манархія была зрынутая. Узнікла двоеўладдзе: за кіраўніцтва краінай змагаліся Часовы ўрад і Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сістэме апошніх у тагачаснай сталіцы краіны паўстаў Петраградскі савет. Туды ў якасці дэлегаткі слухачы курсаў адправілі Бадунову — гэта было яе першае далучэнне да вялікай палітыкі.

Менавіта тады, у пачатку 1917-га, да Палуты канчаткова прыйшло ўсведамленне, што яна беларуска. Вясной была адноўленая дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) — першай нацыянальнай айчыннай партыі, якая з’явілася яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Бадунова далучылася да яе. У сакавіку 1917 года ў Мінску прайшоў З’езд беларускіх арганізацый, уключаючы БСГ. Яго ўдзельнікі віталі Часовы ўрад і ўпершыню выказаліся за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі (максімум, на які тады можна было разлічваць).

Тым часам рэвалюцыя набірала абароты. Улетку таго ж года Палута ўвайшла ў Цэнтральны камітэт БСГ і яе прэзідыум — то-бок у вузкае кола кіраўнікоў. Палута трапіла ў крутаверць рэвалюцыйных падзей. Вось яна едзе на малую радзіму, прапагандуе беларускія ідэі сярод сялян, салдат і настаўнікаў Гомеля і Буда-Кашалёва. Вось збірае дапамогу пацярпелым ад вайны (Першая сусветная яшчэ не скончылася). Выступы Бадуновай не пакідалі абыякавымі, а адзін з іх — на Усебеларускім з’ездзе бежанцаў, які прайшоў у Маскве, — выклікаў скандал. «Пасля маіх прамоў на з’ездзе некаторыя маскоўскія беларусы пыталіся ў мяне пашпарт, каб пераканацца, ці я сапраўды праваслаўная, а не каталічка, падасланая езуітамі, як яны казалі. Для іх вуха здавалася дзікім, што Беларусь — гэта не Расія, што беларусы як нацыя маюць права на вольнае незалежнае існаванне», — цытуе Лебедзева ўспаміны Бадуновай.

Зрэшты, тады яна яшчэ не ставіла Беларусь на першае месца. Калі на адным з паседжанняў яе паплечніца заявіла, што трэба зрабіць акцэнт на нацыянальным пытанні, то Палута не пагадзілася: «Упярод сацыялізм, а пасля нацыя».

Першая жанчына-міністр

Аднак жыццё ўсё расставіла на свае месцы. Акурат тады, летам 1917 года, прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху правых поглядаў — напрыклад, буйнога бізнесоўца і экс-дэпутата расійскай Дзярждумы Рамана Скірмунта — на час адсунулі з палітычнай сцэны. Ініцыятыву ўзялі на сябе левыя, у авангардзе якіх была БСГ. Менавіта людзі, што стаялі на такіх пазіцыях, ініцыявалі скліканне Першага Усебеларускага з’езда, які прайшоў у канцы 1917 года ў Мінску ўжо за новай уладай: у Петраградзе Часовы ўрад зрынулі бальшавікі. Дэлегатаў на той з’езд выбіралі па ўсёй краіне і сярод нацыянальных беларускіх арганізацый. Была там і Бадунова, якой даручылі пытанні дапамогі бежанцам і інвалідам вайны.

Гэтая справа мела не толькі гуманітарны, але і палітычны сэнс. На тэрыторыі Беларусі і за яе межамі актыўна працавалі польскія і літоўскія камісіі, якія рэгістравалі бежанцаў як грамадзян сваіх краін. Палута распрацавала праект рэзалюцыі з канкрэтнымі прапановамі дапамогі. Але выказацца на пленарным паседжанні не ўдалося. Частка дэлегатаў выступала за аўтаномію і нават незалежнасць Беларусі, іншыя — за сувязь з Расіяй. Удзельнікі з’езда паспелі прызнаць права беларусаў на самавызначэнне і ўсталяванне дэмакратычнай формы кіравання, пасля чаго бальшавікі разагналі з’езд.

Неўзабаве дэлегаты сустрэліся нелегальна і абралі Раду з’езда (105 чалавек), з якой потым быў абраны выканкам у складзе 17 чалавек. Сярод іх была і Бадунова, якой даручылі справы апекі (гаворка ішла пра сацыяльныя пытанні).

Томаш Гриб. Прага, 1923 год. Фото: archives.gov.by, commons.wikimedia.org
Тамаш Грыб. Прага, 1923 год. Фота: archives.gov.by, commons.wikimedia.org

У той жа перыяд, восенню 1917-га, Палута сустрэла галоўнае каханне свайго жыцця — Тамаша Грыба.

«Мы спаткаліся з ім на адном з беларускіх з’ездаў воінаў Заходняга фронту. З’езд ужо скончыўся. Заседаў камітэт. <…>. Калі пачаў гаварыць Тамаш (тады я яшчэ ня ведала, што яго так завуць, і яшчэ больш ня ведала, што гэта імя для мяне будзе такім дарагім у будучыне), я неспадзеўку падняла вочы і глянула на яго. Длінныя каштанавыя валасы, бакі, бледны твар і рэзкай формы схадзячыяся над носам бровы рабілі адразу яго заметным сярод другіх. Самае сільнае ўражанне зрабілі на мяне яго вочы. Пачці неземная дабрата, ціхая грустная насмешка над суетой земной, так і глядзелі з глубіны не то карых, не то шэрых вялікіх вачэй яго. Адразу нешта стукнула мне ў сэрца: о, якія вочы у гэтага чалавека. Якая павінна быць сьвятая і праўдзівая душа — вось каго можна палюбіць да канца», — успамінала Палута (тут і далей асаблівасці арфаграфіі часткова захаваныя).

Як піша Лебедзева, «ці было пачуццё ўзаемным — цяжка меркаваць, але Палута сапраўды „палюбіла да канца“. Лёс назаўсёды паяднаў яе і Тамаша Грыба як аднадумцаў і блізкіх паплечнікаў». Палута часам нават падпісвалася як Бадунова-Грыб, хоць так і не выйшла замуж за каханага. Забягаючы наперад, скажам, што ў 1919-м Тамаш ажаніўся з Паўлінай Мядзёлкай — той самай, якой прысвячаў свае творы Янка Купала. Аднак Палута захавала свае пачуцці да канца жыцця.

Вернемся да палітыкі. Бальшавікі разумелі, што народ стаміўся ваяваць, таму імкнуліся выйсці з Першай сусветнай. У Брэсце пачаліся перамовы з Германіяй, але ў нейкі момант яны былі сарваныя. Тады немцы перайшлі ў наступ. У ноч на 19 лютага 1918 года савецкія ўлады эвакуяваліся з Мінска. У гэтых умовах Рада выйшла з падполля. 21 лютага ў Першай Устаўной грамаце яна абвясціла сябе найвышэйшай часовай уладай у Беларусі (да склікання Усебеларускага Устаноўчага сходу, які мусіў вырашыць лёс краіны), а таксама сфармавала ўрад — Народны сакратарыят. У ім Бадунова ўзначаліла Сакратарыят (кажучы сучаснай мовай, міністэрства) апекі. Яна была адзінай жанчынай у гэтым урадзе. І такім чынам стала першай жанчынай-міністрам у беларускай гісторыі.

Народный секретариат БНР в 1918 году. Фото: commons.wikimedia.org
Народны сакратарыят БНР у 1918 годзе. Палуты Бадуновай на гэтай выяве няма. Фота: commons.wikimedia.org

9 сакавіка выканкам Рады ў Другой Устаўной грамаце абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку, а ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года пасля дзесяцігадзінных спрэчак была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, якая абвясціла незалежнасць БНР. Яе падпісала і Палута — адзіная жанчына сярод мужчын.

Узначальваючы сакратарыят апекі, Бадунова распрацоўвала дакументы, праводзіла паседжанні, кожны дзень вяла прыём наведнікаў, арганізоўвала беларускія школы і дзіцячыя яслі, збірала грошы на працу дзіцячага дома. «Я працавала на двух-трох, а іншы раз і пяці пасадах бясплатна, атрымліваючы пенсію (зарплату. — Заўв. рэд.) толькі за сталую школьную працу», — успамінала яна.

Падзеі, якія адбываліся тады, прывялі да зменаў у поглядах Палуты. Яшчэ летам 1917-га яна скептычна выказвалася што да перспектываў афіцыйнага выкарыстання беларускай мовы і выдання беларускамоўнай газеты. Аднак ужо вясной 1918 года на паседжанні Рады БНР Бадунова запатрабавала перакласці выступ прадстаўніка польскай фракцыі на беларускую мову. Праўда, затым сама пачала гаварыць па-руску, і з залы пачулася рэпліка: «Перакласці на беларускую!», што выклікала агульны смех. Аднак пачынаючы з 1919 года большасць сваіх тэкстаў Бадунова ўжо пісала па-беларуску, а на пытанне пра родную мову ў анкетах пісала «беларуская». Відаць, менавіта ў гэты час яна абрала сабе імя — летам 1919 года народжаная Пелагея ўпершыню падпісалася Палутай. Так да яе пачалі звяртацца і навакольныя, а маладое пакаленне па аналогіі з пісьменніцай Алаізай Пашкевіч (Цёткай) часам называла яе «Цётка Палута».

Супраць Берліна і ў апазіцыі да кіраўніцтва БНР

На старце каманда Рады БНР была амаль цалкам сацыялістычнай, рэй у ёй вялі сябры ўсё той жа БСГ — яны выступалі з лозунгамі свабоды, роўнасці і братэрства, яшчэ не дыскрэдытаванымі прыхільнікамі Леніна.

Аднак абвешчаную самастойнасць краіны трэба было абараняць. Гэта можна было зрабіць двума спосабамі. Адзін з іх — са зброяй у руках (напрыклад, у бальшавікоў, якія стварылі Савецкую Расію, была Чырвоная армія). На жаль, БНР так і не змагла сфармаваць сваё войска (хоць такія спробы неаднаразова рабіліся). Заставаўся другі спосаб — атрымаць прызнанне і абарону з боку Захаду.

У кіраўніцтва БНР паклікалі прадстаўнікоў правых (у тым ліку згаданага вышэй Скірмунта). З іх ініцыятывы 25 красавіка — праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці — частка Рады БНР падпісала тэлеграму нямецкаму імператару Вільгельму II. Нагадаем, усе гэтыя падзеі адбываліся ва ўмовах нямецкай акупацыі. Германія падтрымала незалежнасць Літвы, Латвіі і Украіны. Было лагічным паспрабаваць гэтую ж камбінацыю для Беларусі.

Аднак у нямецкіх вярхах — як і ў цэлым на Захадзе — амаль нічога не ведалі пра нашую краіну. Так што ніякага адказу аўтары звароту не атрымалі. Тэлеграма толькі прывяла да канфлікту ў беларускім нацыянальным руху. На знак пратэсту Бадунова выйшла з Народнага сакратарыята і, застаўшыся ў Радзе, пайшла ў апазіцыю. Раскалолася і БСГ, замест якой ўзнікла адразу некалькі палітычных партый. Самай буйной з іх стала Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), у кіраўніцтве якой аказалася і Палута разам з Тамашом Грыбам.

Непасрэднай мэтай партыі было адабранне памешчыцкіх земляў «без выкупу», стварэнне агульнадзяржаўнага зямельнага фонду і наступны падзел зямлі паміж сялянамі. Другім пунктам ішло стварэнне незалежнай Беларусі без падтрымкі «нямецкіх і маскоўска-бальшавіцкіх акупантаў» (нармальныя адносіны з Расіяй бачыліся справай будучыні, калі пасля перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі мусіла паўстаць сусветная федэрацыя нацый). У адрозненне ад бальшавікоў, беларускія эсэры паважліва ставіліся да сялян і іх прыватнай уласнасці, бачылі ў іх рухальную сілу сусветнай рэвалюцыі. Гэтая праграма карысталася папулярнасцю: у ліпені 1918 года ў БПСР было 20 тысяч прыхільнікаў, у той час як у дзвюх іншых партый, утвораных пасля расколу БСГ, іх было па дзве тысячы.

Полута Бодунова. Коллаж: TUT.BY
Палута Бадунова. Калаж: TUT.BY

Увосень 1918 года немцы, якія пацярпелі паразу ў Першай сусветнай, выйшлі з тэрыторыі Беларусі. За імі прыйшлі бальшавікі. Кіраўніцтва БНР з’ехала на Захад, аднак эсэры засталіся ў Мінску. Новыя ўлады арыштавалі Палуту, аднак праз суткі выпусцілі. БНР яны не прызналі, абвясціўшы сваю дзяржаву — Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР), якая знаходзіцца пад поўным кантролем Масквы.

Аднак у барацьбе за Беларусь у савецкай улады з’явіўся новы супернік. Суседняя Польшча аднавіла сваю дзяржаўнасць і таксама пачала прэтэндаваць на нашыя землі, робячы стаўку на стварэнне пад эгідай Варшавы канфедэрацыі народаў былой Рэчы Паспалітай. У студзені 1919 года пачалася савецка-польская вайна.

Спачатку эсэры паверылі палякам. Гэта абвастрыла іх адносіны з бальшавікамі. Сябры БПСР перайшлі на нелегальнае становішча, іх пачалі арыштоўваць. Аднак з’язджаць з Беларусі яны не хацелі і асуджалі тых, хто так зрабіў. Неўзабаве поспех у вайне аказаўся на баку нашых заходніх суседзяў, летам 1919-га яны захапілі Мінск і Бабруйск, пасля чаго восенню баявыя дзеянні на нейкі час спыніліся, і асноўная частка Беларусі трапіла пад польскі кантроль. Рада БНР і частка актыву БПСР тады знаходзіліся ў Гродне.

Але як толькі палякі зразумелі, што беларусы застаюцца на ідэях незалежнасці — адпаведная рэзалюцыя была прынятая ў чэрвені 1919-га на з’ездзе ў Вільні, — як арыштавалі Тамаша Грыба, які вярнуўся са з’езду, і пасадзілі ў гродзенскую турму. Пазней яго перавялі ў Варшаву. Увосень Бадунова ездзіла з Мінска спачатку ў першы горад, потым у другі, спрабуючы выратаваць паплечніка і аб’ект свайго непадзеленага кахання.

У яе нічога не выйшла. Адседзеўшы сем месяцаў, Грыб выйшаў на волю. Месцам жыхарства яму вызначылі польскую Лодзь з абавязаннем не вяртацца ў Беларусь. Ён больш ніколі не ўбачыў роднай краіны і памёр у эміграцыі ў Празе ў 1938-м, пражыўшы ўсяго 42 гады.

Тым часам Бадунова, стаўшы лідаркай БПСР, спрабавала памірыць расколатую Раду БНР. «Яны саўсім не ведаюць, што робіцца у нас у Менску, так вяліка іх адарванасць. <…> У Горадне я аставіла просьбу [сябрам Рады БНР] і партыйны прыказ [сябрам БПСР], каб усе партыйныя сілы ехалі працаваць на радзіму, у Менск, я іх тутака ўсіх і ўсё разнясла. Бо яны едуць у Коўна і куды ўгодна, а саўсім забываюць аб Менску», — пісала яна пра эмігрантаў Клаўдзію Дуж-Душэўскаму, які прыдумаў БЧБ-сцяг.

Перамовы са Сталіным і падман Масквы

Ва ўмовах савецка-польскай вайны сярод беларускай эліты ўзнікла пытанне, як ставіцца да гэтага канфлікту і на каго арыентавацца ў спробах рэалізаваць ідэі БНР на практыцы. Абедзве арміі (і польская, і бальшавіцкая) былі для мясцовага насельніцтва захопніцкімі. Прадстаўнікі Рады, як і заклікала Палута, сапраўды прыехалі ў Мінск, які тады быў пад польскім кантролем. Аднак ужо ў снежні 1919 года арганізацыя раскалолася на дзве структуры.

Першая, Найвышэйшая Рада БНР, у склад якой уваходзіла ранейшае кіраўніцтва, спрабавала рабіць стаўку на Польшчу. Група палітыкаў, якая выступіла супраць іх, вырашыла арыентавацца на рэспублікі Балтыі. Пасля дакладу Бадуновай, зробленага на арганізацыйным паседжанні, яны назвалі сябе Народнай Радай БНР, а Палута стала намесніцай яе кіраўніка. Дарэчы, папярэднія перамовы пра стварэнне гэтай арганізацыі праходзілі на яе мінскай кватэры.

У той час БПСР была самай папулярнай беларускай партыяй, якая да таго ж абапіралася на сялянскія партызанскія атрады. Савецкія ўлады разумелі, што гэта сур’ёзная сіла. У тым жа снежні ў Смаленску яны правялі перамовы з БПСР і дамовіліся пра сумесную барацьбу з палякамі. Яе канкрэтныя формы не вызначаліся, што было на руку Маскве. Палута адыгрывала ў гэтых перамовах важную ролю, яе подпіс стаяў на пагадненні першым.

Полута Бодунова. Фото: коллекция Арсеня Лиса, commons.wikimedia.org
Палута Бадунова. Фота: калекцыя Арсеня Ліса, commons.wikimedia.org

У адказ на збліжэнне БПСР з бальшавікамі палякі пачалі арышты актывістаў. Бадунову яны змаглі схапіць толькі ў лютым 1920 года і кінулі ў мінскую турму. Потым жанчына ўспамінала, што ледзь выжыла: «Пасля страшэнных умоў холаду, ад якога я замярзала смяртэльна, і пагрозы тыфусу, ад якога памерла палова арыштаваных».

Праз месяц яе адпусцілі пад нагляд, і Палута збегла. Ёй давялося перасекчы лінію савецка-польскага фронту, які праходзіў па тэрыторыі Беларусі, а для гэтага перайсці разліў ракі Бярэзіны, часта рухаючыся па пояс у халоднай сакавіцкай вадзе. Паводле Палуты, «у той час ніводная жывая душа не згаджалася на такі ўцёк, бо палякі вырывалі за гэта вочы, здзекваліся і забівалі».

Трапіўшы ў Смаленск, яна зразумела, што савецкія дзеячы не маюць выразных планаў пра будучыню нашай краіны і хочуць вырашаць пытанне па сітуацыі (у той час як лідары БПСР настойвалі на стварэнні беларускай рэспублікі). Тады Палута выправілася ў Маскву, дзе дабілася сустрэчы з наркамам (міністрам) замежных справаў Георгіем Чычэрыным і наркамам па справах нацыянальнасцяў Іосіфам Сталіным. Масква пацвердзіла саюз з эсэрамі. У Народнай Радзе БНР ускладалі немалыя надзеі на перспектывы гэтага супрацоўніцтва — вядома, пры ўмове, што Масква прызнае беларускую рэспубліку. Аўтарытэт і роля Бадуновай у беларускім руху ў той час выраслі максімальна, пісала Лебедзева.

Аднак напружаная праца і пераход праз Бярэзіну не прайшлі дарма. Стан здароўя Палуты рэзка пагоршыўся, і яна паехала на лячэнне ў Латвію, у раён сучаснай Юрмалы.

Тым часам савецкія ўлады падманулі эсэраў: заняўшы летам 1920 года Мінск, яны адмовіліся выконваць дамоўленасці з нядаўнімі саюзнікамі (тыя патрабавалі склікаць кангрэс, каб вырашыць будучы дзяржаўны лад краіны, забяспечыць суверэнітэт Беларусі, стварыць кааліцыйны ўрад і войска). Замест гэтага бальшавікі ў ліпені зноў абвясцілі БССР, праўда, на тэрыторыі ўсяго шасці раёнаў. А ў кастрычніку дамовіліся з палякамі пра тое, што аддаюць ім Заходнюю Беларусь (канчаткова рашэнне было аформленае ў наступным годзе ў рамках Рыжскага міру).

Бадунова разумела, што палітыка не можа рабіцца ў эміграцыі. Яна вярнулася ў Мінск, зноў пачала працаваць настаўніцай, а таксама працягвала барацьбу за самастойную Беларусь. Палута прызнавала БССР, але крытыкавала бальшавіцкую палітыку. Пасля яе агітацыі дэлегатамі на з’езды Саветаў (тады яшчэ захоўвалася ілюзія таго, што ўсе пытанні вырашаюцца там) выбіралі менавіта прадстаўнікоў БПСР.

У такой сітуацыі ўлады вырашаюць ліквідаваць апазіцыю. У ноч з 16 на 17 лютага 1921 года былі арыштаваныя 860 сябраў партыі, у тым ліку Бадунова. Большасць праз два тыдні адпусцілі, але лідараў пакінулі за кратамі, перавёўшы ў Маскву. За месяц Палуту не дапытвалі ні разу — на знак пратэсту яна двойчы абвяшчала галадоўку. Яе стан здароўя рэзка пагоршыўся, за яе пачалі прасіць нават мінскія бальшавікі. У жніўні жанчыну адпусцілі. Сітуацыя была настолькі кепскай, што яе адразу ж адправілі ў санаторый. Потым дазволілі вярнуцца ў Беларусь, але ад палітыкі ёй давялося адысці.

Полута Бодунова, Леопольд Родзевич и Язеп Логинович на конференции в Гданьске. 1923 год. Фото: БДАМЛіМ, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Палута Бадунова (крайняя злева) на канферэнцыі ў Гданьску. 1923 г. Фота: БДАМЛіМ, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Эміграцыя, хвароба і смерць

Дазволу на выезд з краіны Бадуновай не давалі, а таму пад навагоднюю ноч (з 1922 на 1923 год) яна нелегальна перайшла мяжу і выправілася ў тады польскую Вільню. Месяц жыцця ў нелегальным статусе — і яе арыштавалі. «Рост 163, шатэнка, вочы блакітныя. Размаўляе па-руску і па-беларуску», — паведамлялася ў складзенай на яе даведцы. Наступныя паўгода яна прабыла пад арыштам — у турмах і на хутары пад Нясвіжам пад наглядам польскай паліцыі.

Выйшаўшы на волю, Палута асела ў Празе, дзе сутыкнулася з інтрыгамі і барацьбой паміж рознымі групамі ў эміграцыі. Жанчына спрабавала паправіць здароўе, атрымаць вышэйшую адукацыю ў мясцовым украінскім інстытуце, але ўсё перакрэсліла чарговае ўзрушэнне. Ва ўмовах бальшавіцкай дыктатуры Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў была вымушаная самаліквідавацца. Гэтая вестка стала вялікім ударам для Бадуновай. Палітычная і асабістыя бязладзіца, здрада былых таварышаў — усё разам урэшце зламала яе і прывяло да псіхічнага разладу. Новы 1925 год яна сустрэла ў бальніцы для нервовых захворванняў у пражскім прадмесці Богніца. Спачатку яна прабыла там два тыдні, а потым, з перапынкамі, і амаль увесь год.

«На стане Палуты адбіваліся не толькі ўласна хвароба, але і назапашанае гадамі адчуванне адзіноты, адсутнасць блізкіх і родных, сямейнага клопату. Жаночая незапатрабаванасць змешвалася з нерэалізаванымі амбіцыямі, адчуваннем непрызнанасці заслуг і несправядлівасці паплечнікаў», — лічыла даследчыца біяграфіі Бадуновай.

Тым часам у в БССР пачалася палітыка беларусізацыі. Масква вярнула рэспубліцы частку анексаваных раней усходніх земляў. Была абвешчаная амністыя для праціўнікаў савецкай улады.

У эміграцыі ў Палуты не было ні грошай, ні магчымасцяў атрымліваць неабходную ёй штодзённую дапамогу. З лета 1925 года, даведаўшыся пра яе гаротнае становішча, яе сястра ў Мінску пачала прасіць ва ўладаў, каб тыя дазволілі Палуце вярнуцца. Дазвол прыйшоў толькі ў студзені наступнага года. Прыехаўшы ў Беларусь, Бадунова пасялілася ў сястры ў сталіцы, ездзіла лячыцца ў крымскія санаторыі. Гэта крыху палепшыла яе стан, але вярнуцца да працы яна так і не змагла.

У 1930-м пачаліся масавыя рэпрэсіі інтэлігенцыі: улады сфабрыкавалі справу «Саюза вызвалення Беларусі», па якой арыштавалі многіх паплечнікаў Палуты. Яе не кранулі — мяркуючы з усяго, праз слабае здароўе. Аднак яе сястра для перастрахоўкі з’ехала ў Маскву, а Бадунову перавезлі ў Гомель, на апеку брата, у якога не было ўласнай сям'і. Родныя палічылі, што там Палуце будзе спакайней. Тым больш што Гомель, які толькі ў 1926 годзе вярнулі ў склад БССР, не лічыўся месцам распаўсюду «нацдэмаўшчыны» (у схільнасці да яе часта абвінавачвалі прадстаўнікоў нацыянальнай культуры) і не забіраў такой пільнай увагі НКУС, як Мінск, тлумачыла Лебедзева.

Тым не менш становішча відавочна заставалася рызыкоўным. У 1932-м Бадунова звярнулася ў Міжнародную арганізацыю дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР) і папрасіла дапамагчы ёй выехаць з СССР. Але структура цалкам кантралявалася ўладамі, таму Палуце адмовілі — з аргументам, што МАДР дапамагае ахвярам пераследу капіталістаў, а яна не зіх. У наступныя гады Бадунова жыла за кошт брата, часам давала прыватныя ўрокі, пісала вершы і апавяданні, якіх не друкавалі мясцовыя СМІ.

Символический крест в память Полуты Бодуновой в Куропатах. Фото: Валацуга, forum.globus.tut.by, fgb.by, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Сімвалічны крыж памяці Палуты Бадуновай у Курапатах. Фота: Валацуга, forum.globus.tut.by, fgb.by, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Здавалася, на яе забыліся. Але пік рэпрэсій, які прыпаў на 1937-ы, не мог прайсці міма. У верасні 1937-га Палуту арыштавалі. Яна праседзела ў турме два з паловай месяцы, потым быў першы і адзіны допыт, пратакол якога заняў тры старонкі. Пра жыццё ў СССР яе не пыталі, але ў абвінавачанні адзначалася, што Палута «праводзіла антысавецкую агітацыю, дэманстравала тэндэнцыю зноў вярнуцца ў Чэхаславакію, злосна выказвалася ў дачыненні да ВКП (б) (партыі бальшавікоў. — Заўв. рэд.) і Савецкага ўрада».

Гэтыя высновы былі зробленыя на падставе даносаў. У 1936-м, стоячы ў чэргах па хлеб, Палута казала, што партыя не клапоціцца пра рабочых і думае толькі пра свой дабрабыт. «Ідзе знішчэнне найлепшых людзей, якія заваявалі рэвалюцыю крывёю, — [военачальнікаў] Тухачэўскага, Якіра. Але гэта кампартыі неабходна, бо яна пачынае страчваць зямлю пад сваімі нагамі, Канстытуцыя — глупства, як і ўсё астатняе, для адводу вачэй цёмнай масы», — так працытаваў яе даносчык незадоўга да арышту.

Бадунову перавялі ў Мінск, дзе ёй прызначылі дзесяць гадоў лагераў. Аднак замест адпраўкі туды яе пакінулі ў турме і пачалі новую справу. У траўні 1938-га яе асудзілі на расстрэл. У выкананне прысуд прывялі толькі праз паўгода, 29 лістапада. Месца расстрэлу засталося невядомым. Палуце было 53 гады.

Што адбывалася ў гэтыя паўгода паміж прысудам і забойствам, незразумела (у тыя часы з расстрэламі звычайна не зацягвалі). Як піша Лебедзева, існуе версія пра таемныя калоніі для зняволеных-смяротнікаў у Мінску. Яны былі схаваныя нават ад большасці супрацоўнікаў НКУС. У такіх месцах трымалі самых «каштоўных» вязняў, у дачыненні да якіх маглі ўжываць самыя жорсткія метады допыту, бо «юрыдычна гэтых людзей ужо не існавала». Як мяркуецца, гэтыя калоніі былі ліквідаваныя, калі пачалося расследаванне «яжоўскіх злоўжыванняў» у НКУС. На думку даследчыцы, паўгадавая паўза паміж прысудам і расстрэлам і дата смерці Бадуновай паказваюць на тое, што яна, як адна з былых лідараў апазіцыі, магла знаходзіцца ў такой турме. Зрэшты, гісторык Анатоль Сідарэвіч адзначаў, што яе проста трымалі ў камеры смяротнікаў.

Так ці інакш, за гэтыя паўгода Бадунову прымусілі агаварыць родную сястру — тую самую, у якой яна жыла ў другой палове 1920-х. Палуце давялося даць ілжывыя паказанні пра тое, што сястра была актыўнай сяброўкай партыі эсэраў, уваходзіла ў склад ЦК БПСР і вяла антысавецкую дзейнасць. Тую асудзілі на пяць гадоў лагераў. Вярнуцца на радзіму яна змагла толькі ў сярэдзіне 1950-х гадоў.

Саму Бадунову рэабілітавалі ў канцы існавання СССР, у 1989-м.

«Біяграфія Палуты і яе вобраз — гэта вобраз пасіянарнасці і трагізму. Неверагоднага трагізму, — казала Валянціна Лебедзева. — Таму што яна заплаціла за свой жыццёвы выбар усім, чым можа заплаціць чалавек наогул. Яна кінула творчасць, а яна ж была вельмі творчая асоба. Яна магла бы самарэалізавацца ў літаратурнай сферы. Яна засталася без асабістага жыцця, без кола блізкіх людзей, пакінутая паплечнікамі і сябрамі. Яна ахвяравала сваім здароўем і наогул жыццём».

У Беларусі дагэтуль няма вуліцы, названай у гонар першай жанчыны-міністра, і яе помніка. Аднак мы мусім разумець, што без БНР, удзел у стварэнні якой брала Палута, з вялікай доляй імавернасці не было б БССР: бальшавікі фактычна былі вымушаныя перахапіць ініцыятыву ў «нацыяналістаў», а значыць, прапанаваць беларусам не менш, чым тыя. А калі б не было БССР, у 1991-м нашая краіна напэўна засталася б у складзе Расіі. Так што сучасная незалежная (хай і са складанасцямі) Беларусь існуе ў тым ліку дзякуючы Палуце Бадуновай.

Чытайце таксама