Стала вядома, які памер службовага акладу ў амбасадара Беларусі ў Ватыкане — з нядаўняга часу гэтую пасаду займае былы намеснік кіраўніка МЗС Юрый Амбразевіч, піша «Точка». Адпаведная пастанова ўрада апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з дакументам, зарплата Амбразевіча на пасадзе амбасадара ў Ватыкане складзе 3470 еўра за месяц.
Такі заробак — сярэдні сярод беларускіх дыпламатаў у розных краінах.
Да прыкладу, больш за ўсё зарабляюць амбасадары ў Японіі — 4080 еўра, Венесуэле і Сірыі — 3980 еўра, Швейцарыі — 3910 еўра, а таксама пастаянны прадстаўнік пры Аддзяленні ААН у Жэневе — 3910 еўра.
Самыя нізкія аклады ў амбасадараў у Польшчы і Арменіі — 2960 еўра, а таксама ў Кыргызстане — 2990 еўра.
Для Беларусі гэта немаленькія сумы, аднак дыпламаты працуюць за мяжой, дзе выдаткі на жыллё, транспарт і харчаванне могуць быць значна вышэйшыя, чым на радзіме.
Між тым сярэдні заробак у Беларусі ў лютым склаў 2 428,1 рубля, ці амаль 720 еўра па цяперашнім курсе.
Нагадаем, нядаўна Юрый Амбразевіч быў прызначаны надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Беларусі пры Святым Пасадзе. Да таго ён займаў пасаду намесніка міністра замежных справаў.