Нацбанк адрэагаваў на навіну, якую 1 красавіка выпусціла інфармацыйнае дзяржагенцтва «Мінск-Навіны» — пра запуск крыптавалюты «Зубр». «Жарт, вядома, „удаўся“», — заявіў рэгулятар.

«На адным з беларускіх парталаў са спасылкай на прэс-службу Нацыянальнага банка была апублікаваная „гучная навіна“ пра тое, што ў Беларусі з’явіцца нацыянальная крыптавалюта „Зубр“, — адзначае Нацбанк. — Жарт, вядома, „удаўся“. У Нацыянальны банк нават пачалі паступаць званкі грамадзян, якія жадаюць купіць „Зубра“. Вось толькі да рэальнасці гэтая „навіна“ не мае нават найменшага дачынення».
Рэгулятар дадаў, што «не планаваў і не плануе выпускаць сваю крыптавалюту».
«Калі б такія планы былі, мы б абавязкова паведамілі пра іх на афіцыйным сайце Нацбанка і, вядома ж, у нашым тэлеграм-канале, — дадаў рэгулятар. — Што да творчай фантазіі журналістаў, просім калегаў звярнуць увагу на адзін вельмі важны момант: заўсёды знойдуцца ашуканцы, якія захочуць прадаць даверлівым грамадзянам „новую крыптавалюту“».
Нацбанк заклікаў «больш адказна падыходзіць да выбару тэм для першакрасавіцкіх жартаў».