27 траўня адбыўся сур’ёзны канфлікт у чарзе на мяжы Беларусі ля памежнага пераходу «Беняконі — Шальчынінкай «з літоўскага боку. Чытачы «АвтоГродно» дзеляцца відэа здарэння.
Відавочцы расказалі, што ў канцы чаргі, паблізу ўезду ў літоўскі пункт пропуску, на дарозе традыцыйна дзяжурылі мужчыны ў святлоадбівальных камізэльках, так званая народная дружына. Гэта людзі, якія таксама чакаюць у чарзе, але дадаткова спрабуюць рэгуляваць у ёй парадак, каб ніхто не аб’язджаў аўтамабілі.
Дарэчы, у чарзе на той момант трэба было прастаяць не менш за 43 гадзіны.
Двое сутак у чарзе да пунктаў пропуску не задаволілі кіроўцу на прэміяльным BMW XM з літоўскімі нумарнымі знакамі, і ён паехаў да шлагбаўмаў міма чаргі. Паблізу пункта пропуску яго сустрэлі мужчыны з «народнай дружыны».
Невядома, пра што яны размаўлялі, але кіроўца BMW не збіраўся затрымлівацца і пачаў рухацца праз людзей. Некалькі мужчын адышлі ў бок, але адзін з іх пачаў упірацца ў капот красовера, а другі спрабаваў не пусціць аўтамабіль, трымаючы яго за дзверы кіроўцы.
У выніку кіроўца BMW XM рэзка паскорыўся, мужчына спераду паспеў адскочыць, а другі пацягнуўся за аўтамабілем і зваліўся на асфальт.
Паводле відавочцаў, пасля гэтага кіроўца BMW XM кудысьці з’ехаў, вярнуўшыся ў чаргу праз некалькі гадзін, калі ўжо сцямнела, — каля 11 вечара. На гэты момант на месцы ўжо былі супрацоўнікі літоўскай паліцыі.