На ўручэнні «Оскараў» абыгралі скандал паміж Трампам і Зяленскім? Вось што адбылося
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

На цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» комік-вядоўца Конан О’Браен і актор Адам Сэндлер разыгралі сцэнку пра вонкавы выгляд. Яе можна палічыць алюзіяй на канфлікт, што адбыўся раней у Белым доме.

Цырымонія ўручэння прэміі «Оскар» — гэта афіцыйнае мерапрыемства black tie. Гэта значыць, што мужчыны мусяць быць у смокінгах ці касцюмах, а жанчыны — у афіцыйных сукенках. Але Сэндлер прыйшоў у далікатна-блакітнай байцы Aviator Nation на маланцы і баскетбольных шортах, забіраючы ўвагу вядоўцы Конана О’Браена.

«Адам, што ты надзеў? — спытаў О’Браен у Сэндлера са сцэны. — Ты апрануты як хлопец, які грае ў відэапокер, а другой гадзіне ночы».

Ён дадаў: «Для такога прэстыжнага вечару важна, каб усе былі прыстойна апранутыя».

На што Сэндлер крыкнуў у адказ: «Мне падабаецца, як я выглядаю, бо я добры чалавек. Мне ўсё роўна, што я нашу або чаго не нашу. Няўжо мае шыкоўныя спартыўныя шорты і пухнатая байка так абразілі цябе, што табе давялося здзекавацца з мяне перад маімі аднагодкамі?»

Пасля гэтага ён пакінуў залу, і, сыходзячы, абняў актора Цімаці Шаламэ. Апошні быў у жоўтым касцюме — у выніку спалучэнне колераў нагадвала ўкраінскі сцяг.

Нагадаем, Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп сустрэліся ў Белым доме ў Вашынгтоне 28 лютага. Меркавалася, што два лідары падпішуць амерыканска-ўкраінскую ўгоду пра карысныя выкапні. Аднак сустрэча прайшла на павышаных тонах. Яна пачалася з таго, што Трамп пракаментаваў выгляд Зяленскага, а адзін з журналістаў выказаў яму прэтэнзію, што той не ў касцюме.

Потым падчас размовы віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс раптам абвінаваціў Зяленскага ў няўдзячнасці. Той паспрабаваў запярэчыць, дайшло да сваркі, у якую ўключыўся і Трамп. У выніку гутарка была перапыненая, а потым украінскую дэлегацыю папрасілі пакінуць Белы дом датэрмінова. Пагаднення не падпісалі.

Паводле інфармацыі The Washington Post, цяпер адміністрацыя Трампа разглядае прыпыненне ваеннай дапамогі Украіне.