Эксперты Еўразійскага банка развіцця бачаць рызыку, што ў Беларусі разгоніцца інфляцыя. Прычына — павышэнне заробкаў. Нагадаем, за два першыя месяцы гэтага года інфляцыя склала 1,7%. Гэта пагражае тым, што рост цэн па выніках гэтага года будзе вышэйшы, чым прагназуюць чыноўнікі.

«Ва ўмовах захавання цэнавага рэгулявання і пэўнага запаволення крэдытнай актыўнасці інфляцыя застаецца паблізу мэтавага арыенціру 6%. Пры гэтым захоўваецца праінфляцыйны ціск з боку росту рэальных заробкаў», — адзначаюць эксперты.
Інфляцыя ў лютым у Беларусі склала 0,9% адносна студзеня. Пры гэтым гадавая трымаецца на ўзроўні 5,6%. Для параўнання: у студзені гэты паказчык склаў 5,9%, а за месяц да таго — 5,8%.
Нагадаем, чыноўнікі прагназуюць, што ў 2024 годзе інфляцыя будзе не вышэйшая за 6% па выніках года.
Пра блізкі рост цэн раней беларусаў папярэджвалі і чыноўнікі, і эксперты. Як чакалася, прыкметнае паскарэнне інфляцыі адбылося ў кастрычніку і лістападзе мінулага года праз эфект нізкай базы, бо ў 2022 годзе ў гэтыя месяцы была дэфляцыя на фоне ўведзенага жорсткага дзяржрэгулявання. Гэты рост цэн перайшоў на снежань мінулага года, а таксама на пачатак гэтага.
У Беларусі ёсць яшчэ адна праблема з заробкамі: рэальныя выплаты растуць хутчэй, чым прадукцыйнасць працы. Раней у Нацбанку адзначалі, што неабгрунтаваны рост заробкаў фармуе перадумовы для паскарэння інфляцыі.
Чытайце таксама