Адна з былых палітзняволеных, якая неаднаразова адбывала адміністрацыйны арышт у ізалятары на Акрэсціна, правяла сем дзён разам з Марыяй Успенскай. Гэта ўдава айцішніка Зельцара, што загінуў у перастрэлцы з сілавікамі, забіўшы супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Пра Успенскую, яе стасункі з мужам і стан пасля здарэння былая палітзняволеная на ўмовах ананімнасці расказала «Белсату».

Паводле суразмоўніцы («Белсат» змяніў яе імя на Ганну), Марыя Успенская сядзела ў двухмеснай камеры, у якой на той момант было 15 чалавек. У тым ліку людзі, якіх затрымалі за негатыўныя каментары пра супрацоўніка КДБ, якога забіў Зельцэр. Сама Ганна трапіла ў камеру на трэці дзень пасля затрымання Успенскай і кажа, што яны з ёй шмат размаўлялі:
— Маша расказвала, што яе прывезлі на Акрэсціна без абутку. Бо яшчэ дома, калі пачалі пілаваць дзверы, яна была ў халаце. Спехам надзела зверху штаны і швэдар, але засталася без майткоў. Толькі на Акрэсціна адна з суседак па камеры пазычыла ёй шкарпэткі і майткі. Спала Маша пад батарэяй.
Паводле словаў Ганны, у канцы верасня 2021 года ў Мінску было вельмі холадна, але батарэя ў камеры да пэўнага моманту грэла добра. Былая палітзняволеная адзначае, што Марыя расказвала, як наступным ранкам пасля яе затрымання на Акрэсціна (тады ў камеры былі толькі тры чалавекі) прыехалі супрацоўнікі КДБ, адкрылі камеру і загадалі выносіць «на прадол» усе рэчы. Жанчыны падумалі, што будзе звычайны «шмон», вынеслі рэчы на калідор, у тым ліку ўсё цёплае адзенне (адзетыя былі лёгка, бо камера была нагрэтая). Але «шмону» не адбылося — супрацоўнікі КДБ проста зачынілі дзверы, маўляў, рэчы забераце потым. Неўзабаве Марыя Успенская заўважыла, што батарэя пачынае стыць і пад вечар зусім «згасла». І зразумела: іх «хочуць дабіць холадам».
— Маша гаварыла, што, каб не змерзнуць, яны налівалі гарачую ваду (а наяўнасць гарачай вады — адзіны бонус на Акрэсціна) у вядро і засоўвалі па адной назе кожная. Парылі ногі, надзявалі шкарпэткі і ўтрох, скруціўшыся абаранкам, спалі, — адзначае Ганна. Яна перакананая, што гэтыя катаванні холадам былі «персанальным здзекам КДБ з Машы» і помстай за смерць іх калегі.
Ганна адзначае, што на наступны дзень спецслужбісты вярнуліся. Калі жанчыны паскардзіліся, што ў камеры вельмі холадна, адказалі: «А яму не холадна?..» Па словах жанчыны, сілавікі заявілі Успенскай: «Гэта ты, поскудзь, яго забіла». І зачынілі дзверы.
— Часам яна выпадала з рэальнасці і казала: «А як жа я цяпер буду аплачваць рахункі за кватэру? Я не ведаю, як гэта робіцца, 10 гадоў не рабіла гэтага». Вось такія рэчы. Быццам нічога не здарылася — проста мужа не стала. А потым у нейкі момант вярталася ў свядомасць і пачынала дзіка рыдаць. Але было ўражанне, што не магла аплакваць мужа — аплаквала сітуацыю, якая здарылася. Пачынала думаць пра дзіця, дзе яно і як. З таго, што я пачула, вынікае, што Маша заўжды без пярэчанняў выконвала загады Андрэя. І ў той дзень, калі ён сказаў «Стой і здымай», яна так і зрабіла… — расказвае Ганна. Яна дадае, што калі Марыя пазнаёмілася з Андрэем, то была ягонай кіраўніцай — займала пасаду начальніка эканамічнага аддзела фірмы, куды ўладкаваўся працаваць маладзейшы за яе на 10 гадоў Зельцэр. Марыя ўжо разводзілася тады з першым мужам. Калі сышлася з Андрэем Зельцэрам, то звольнілася з фірмы і нідзе не працавала аж да 2020 года. Як яна расказвала Ганне, яе «дэкрэт плаўна перарос у хатнюю гаспадарку».
Суразмоўніца адзначае, што ў 2020 годзе ў жанчыны здарыўся глыбокі крызіс асобы, які перарос у сур’ёзную дэпрэсію. І дадае, што адбылося гэта яшчэ да выбараў і да палітыкі мела хіба ўскоснае дачыненне. Ганна кажа, што Марыя звярнулася па дапамогу да псіхатэрапеўта, прымала даволі моцныя антыдэпрэсанты. Потым псіхолаг параіў ёй уладкавацца на якую-небудзь простую працу. Пайшла працаваць прадавачкай у «Мілу». Як яна расказвала Ганне, там ёй падабалася. Але антыдэпрэсанты прымала аж да восені 2021-га.
— Яна называла прэпараты, але я не стану агучваць. Вельмі сурʼёзныя. За адзін момант з такіх прэпаратаў не саскочыш. Яна паволі зніжала дозу. І, як казала, толькі за пару тыдняў да таго, як здарыўся інцыдэнт са стралянінаю, перастала іх прымаць. Не аднавілася яшчэ, а тут такое. І, я думаю, тое, што яе прызналі ў Навінках несвядомай, адпавядае праўдзе, — мяркуе былая палітзняволеная.
Нагадаем, Марыю Успенскую абвінавацілі ў суўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, але судзілі як «асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне ў стане несвядомасці» (п. 13 арт. 6 КПК). 16 чэрвеня 2022 года суд прызначыў ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары «да выздараўлення» (тэрмін судом не вызначаецца).