Мінчанка падзялілася ў TikTok сваім досведам медыцынскага абслугоўвання і расказала, чаму адмовілася ад наведвання дзяржаўнай паліклінікі з дзіцем. Замест гэтага яна абрала праграму асабістага педыятра ў прыватным цэнтры, піша CityDog.
Карыстальніца з нікам toristashevskaya паскардзілася ў відэа, што ў звычайных паліклініках ёй было складана запісацца на прыём: свабодных талонаў даводзілася чакаць месяцамі, а ў чэргах яна была вымушаная сядзець гадзінамі.
Пасля няўдалага досведу запісу да педыятра яна вырашыла звярнуцца ў «Ладэ», каб скарыстацца праграмай асабістага педыятра. У выніку за дзесяць месяцаў яе дзіця «прайшло ўсе планавыя агляды, прышчэпкі і аналізы без затрымак і стрэсу».
Яшчэ адзін плюс, паводле жанчыны, — адсутнасць праблем з вакцынацыяй. Яна запэўнівае, што ў прыватным цэнтры прышчэпкі заказваюць загадзя, таму ёй не давялося шукаць іх у іншых клініках і доўга чакаць.
Мінчанка ўпэўненая, што платная медыцына дапамагла ёй унікнуць мноства праблем, і пасля года дзіцяці яна плануе працягнуць назіранне ў гэтым прыватным цэнтры.
Беларусы з ёй пагадзіліся?
У каментарах пад відэа мінчанкі меркаванні карыстальнікаў разышліся. Адны лічаць, што ў прыватных цэнтрах і праўда «справы ідуць нашмат лепш», а іншыя ўпэўненыя, што «ёсць і добрыя паліклінікі. Праўда, іх трэба пашукаць».
«У нас дык роўна наадварот. Я думаю, гэта ад паліклінікі залежыць. Ніколі не было праблем з заказам талона, з чэргамі і г. д. Доктар і медсястра заўсёды (калі што) тэлефануюць і папярэджваюць. Можа, гэта звязана з тым, што ў мяне двойня», — lady_lukashevich.
«Вось і я пасля года падоўжыла кантракт з „Ладэ“. Хоць прышчэпку за год давялося рабіць у паліклініцы, але за адзін візіт усе нервы вытрапалі», — Сняжана.
«Не ведаю, як у іншых паліклініках, але ў 3-й ніколі не было праблем. Дактары ўсе нармальныя, талоны да спецыялістаў заўсёды ёсць, затрымак у чарзе ніколі няма. Альбо гэта нам шанцуе, альбо ўсюды так», — gorionovseognem.
«Прыйшоў у паліклініку ў 10.20. Запіс быў на 10.30, але там сядзяць ля дзвярэй на 10.50, на 11.30 і, бл**ь, на 16.00», — Аляксандр.
«Мы па вашай парадзе з мужам таксама ўступілі ў гэтую праграму, але толькі ў Брэсце. І вельмі гэтаму радыя: цярпець не магу паліклінікі. Праўда, даводзіцца хадзіць туды на прышчэпкі», — Каця.
Чытайце таксама на citydog.io:
В Минске строят сразу четыре поликлиники (но откроют нескоро)
Очередной суд за донаты: врачу медцентра «Лодэ» грозит до 12 лет